СЯЛЯ́НСКАЯ ВАЙНА́ 1773—75у Расіі, Пугачова паўстанне,
масавы антыўрадавы рух казакаў, прыгонных сялян, заводскіх рабочых, нярус. народаў (асабліва башкіраў на чале з Салаватам Юлаевым) пад кіраўніцтвам Е.І.Пугачова на р. Яік (цяпер Урал), Урале, у Зах. Сібіры, Прыкам’і, Паволжы, Зах. Казахстане і Слабадской Украіне. Выклікана ўзмацненнем прыгонніцтва, уціскам казакаў і нярус. народаў з боку рас.ваен. і цывільнай бюракратыі, прадпрымальнікаў. Пачалася ў вер. 1773 як паўстанне яіцкіх казакаў на чале са збеглым данскім казакам Пугачовым, які абвясціў сябе імператарам Пятром III, быццам бы цудам выратаваным і намерыўся заняць прастол, каб усталяваць «справядлівае» казацкае царства. У вер.-кастр. 1773 Пугачоў захапіў шэраг крэпасцей і ўмацаванняў, дзе знішчаў афіцэраў, забіраў артылерыю, боепрыпасы, і на чале войска (каля 2500 чал., 20 гармат) 16.10.1773 асадзіў г. Арэнбург. Хоць аблога Арэнбурга была беспаспяховай, Пугачоў адбіў некалькі вылазак гарнізона, разбіў карныя атрады ген. В.А.Кара і палк. П.М.Чарнышова. Яго армія, куды прыбывалі сяляне, работнікі уральскіх заводаў (прывозілі з сабой і гарматы), башкірскія і інш. атрады, у снеж. 1773 налічвала 25 тыс.чал. і 86 гармат. З яе складу вылучаліся асобныя атрады, якія пашыралі паўстанне на суседнія тэрыторыі. Кіравала арміяй і была адм.-паліт. цэнтрам паўстання Ваен. калегія. У сваіх маніфестах і ўказах ад імя Пятра III Пугачоў абяцаў казакам, сялянам і прыгнечаным народам волю і зямлю, заклікаў іх разам змагацца супраць улады Кацярыны II і дваран. У крас. 1774 урадавыя войскі разбілі армію Пугачова, які адступіў на Урал і ў Зах. Сібір, дзе зноў авалодаў шэрагам крэпасцей. Пасля новых няўдалых баёў з урадавымі атрадамі ён накіраваўся да Паволжа з мэтай ісці на Маскву. 23.7.1774 яго армія штурмам узяла г. Казань (акрамя крамля), але 23—26 ліп. была разбіта атрадам падпалк. І.І.Міхельсона. Пугачоў перайшоў на правы бераг Волгі, дзе пачалося ўсеагульнае паўстанне сялян супраць памешчыкаў і адміністрацыі. Маніфестамі ад 28 ліп. і 11 жн. 1774 ён («імператар Пётр III») вызваляў сялян ад прыгону і заклікаў знішчаць памешчыкаў. На чале новага войска Пугачоў пайшоў на Пд, узяў Саранск, Пензу, Саратаў і інш. гарады, але 5.9.1774 канчаткова разбіты Міхельсонам на Пд ад г. Царыцын. Неўзабаве яго схапілі і выдалі ўладам яго прыбліжаныя; пасля следства і суда ён з найб. актыўнымі паплечнікамі 21.1.1775 пакараны смерцю ў Маскве. Былі забіты, пакараны смерцю, закатаваны, зазналі цяжкія цялесныя пакаранні, катаргу і ссылку тысячы інш. удзельнікаў сял. вайны, апошнія ачагі якой задушаны да лета 1775. Тэрмін «С.в. 1773—75» побач з тэрмінам «паўстанне Пугачова» замацаваўся ў сав. гістарыяграфіі з 1940—50-х г. У сучаснай рас.гіст. л-ры (з 1990-х г.) найчасцей ужываецца тэрмін «паўстанне Пугачова».
Літ.:
Крестьянская война в России в 1773—1775 гг.: Восстание Пугачева. Т. 1—3. Л., 1961—70;
Овчинников Р.В. Манифесты и указы Е.И.Пугачева: Источниковедч. исслед. М., 1980.
М.Г.Нікіцін.
Да арт.Сялянская вайна 1773—75. М.І.Авілаў. Рабочыя прывозяць Пугачову гарматы. 1924.